Каменнае сэрца
Гэта старонка прысвечана кнізе Паўла Севярынца «Каменнае сэрца». Тут вы знойдзеце цікавыя факты аб кнізе, інфармацыю па змесце рамана, а таксама рэцэнзіі літаратараў і водгукі чытачоў.
Кніга «Каменнае сэрца» — зборнік эсэ палітычнага вязня Паўла Севярынца, напісаных за апошнія дваццаць гадоў. Кароткія гісторыі з беларускай няволі — «сутак», «хіміі», турмаў — паказваюць сённяшнюю Беларусь знутры. Жыццё ва ўмовах рэжыму як яно ёсць.

Кніга «Лісты з лесу», фрагменты з якой вы зможаце прачытаць у кнізе, была прызнаная штотыднёвікам «Наша Ніва» найлешпай беларускай кнігай 2007 года, а «Беларуская глыбіня» (у «Каменным сэрцы» размешчаныя выбраныя главы) — стала лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча. «Каменнае сэрца» змяшчае таксама і шэраг тэкстаў Паўла Севярынца, якія яшчэ не публікаваліся.
«Каменнае сэрца» – гэта, у першаю чаргу, кніга, якая не пра тое, што адбываецца за кратамі, а пра тое, як ты адчуваеш сябе там. Яна не пра знешняе, а пра ўнутранае. Пра тое, што мы знаходзім унутры сябе, апынуўшыся за кратамі. Толькі ў турме разумееш, як тваё сэрца закамянела на волі
Чаму для кнігі выбраная назва «Каменнае сэрца» сам аўтар у адным з інтэрв'ю каментуе так:

«Каменным сэрцам» у «Маладым фронце» называлі «амэрыканку» — турму КДБ. Гэта маленькая турма ў параўнанні з гіганцкімі турмамі, як у Жодзіне, на «Валадарцы» ці Акрэсціна. У турме КДБ усяго 18 камэр, яны пялёсткамі разыходзяцца ад круглага цэнтру, дзе ходзіць канваір. Да таго ж турма знаходзіцца ў самым цэнтры Менску. Там чутно, як б’юць званы Петрапаўлаўскага сабора, Катэдры, Ратушы. Нават чуваць, як ходзяць цягнікі ў мэтро — «амэрыканка» стаіць ня толькі на лініі мэтро, але, мне падаецца, небеспадстаўна сцвярджаюць, што мэтро злучанае з падваламі турмы. Уначы, калі горад заціхае, прыкладаеш вуха да нараў і чуеш, як ідуць апошнія цягнікі мэтро.

Так што, з аднаго боку, гэта вобраз. З другога боку, каменнае сэрца — у тых, хто саджае ў турму беларусаў. З трэцяга боку, толькі ў турме ты разумееш, як тваё сэрца закамянела на волі. Таму што мы вучымся быць чэрствымі, мы вучымся не прапускаць праз сэрца многія падзеі, якія адбываюцца на волі. У турме — па-іншаму. У турме сэрца пачынае набываць нармальныя ўласцівасці — як напісана ў Бібліі, «забяру ў вас сэрца каменнае і дам вам сэрца з плоці» — каб вы проста адчувалі. Для мяне як чалавека веруючага тое, што ты трапляеш у турму, — гэта такое папушчэнне божае, Бог для чагосьці гэта робіць, каб ты адчуў штосьці такое, чаго не адчуеш на волі, зразумеў нешта, пабыў сам-насам з Богам, урэшце. У турму ня хочацца, але я ведаю, што кожная турэмная адседка — гэта такое своеасаблівае дабраславенне. Таму гэта сэрца.

Ясна, што калі ты сядзіш — ты думаеш, у тым ліку і пра каханне. Маё каханне да будучай жонкі развівалася і ў «амэрыканцы», і ў спэцкамэндатуры ў Купліне. І як толькі я выйшаў на волю, адразу ж і ажаніўся.

Так што гэтая кніга — ня толькі турэмная дакумэнталістыка, гэта — турэмная лірыка.
Водгукі чытачоў

(дадаюцца)

«За кратамі чалавек часам перажывае шмат выпрабаванняў і маральных, і фізічных. Выйсцем з гэтай ізаляцыі часта з’яўляецца ўласная творчасць – думкі, якія ён спрабуе выліць на паперу. І сапраўды беларуская турма дала некалькі моцных пісьменнікаў. І пры гэтым усе яны на падобныя рэчы глядзелі рознымі вачыма».
Алесь Бяляцкі
«Спачатку я думала, што кніга будзе пра вопыт турэмнага жыцця вядомага палітвязня, але на самой справе яна аказалася нашмат глыбей… Праз свае апавяданні Павел нібы гутарыць з табой на прыгожай, простай і вельмі мілагучнай беларускай мове, з любоўю і перажываннямі за Беларусь, за людзей, якія жывуць побач, за каштоўнасці, якія напаўняюць сапраўдным глыбокім сэнсам жыццё чалавека. Гэта, безумоўна, талент – перадаць чытачу свае пачуцці і эмоцыі, якія мяняюць свядомасць, закладаюць хрысціанскія каштоўнасці, заклікаюць быць больш уважлівымі да сваёй гісторыі і культуры як падмурка для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці».
Ірына
Калі вас зацікавіла кніга Паўла Севярынца «Каменнае сэрца» і вы хацелі б яе атрымаць, пераходзьце па спасылцы і замаўляйце.

Аўтар шчыра ўдзячны сваім чытачам за цікавасць, падтрымку і водгукі. Калі ў вас засталіся пытанні, ці вы хацелі б пакінуць водгук ці каментар, напішыце нам.
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website