Беларусалім. Золак
Гэта старонка прысвечана кнізе Паўла Севярынца «Беларусалім. Золак». Тут вы знойдзеце цікавыя факты аб кнізе, інфармацыю па змесце рамана, а таксама рэцэнзіі літаратараў і водгукі чытачоў.
Першая кніга раману Беларусалім. Золак выйшла ў 2017 годзе і здабыла прызнаньне: прэзентацыі сабралі 300 чалавек у Менску і па 50-60 чалавек у абласных гарадах; за некалькі месяцаў разышлося больш 1000 асобнікаў кнігі. Для беларускай кнігі гэта шмат. “Беларусалім. Золак” заняў першае месца на конкурсе “Кніга году” сярод чытачоў, другое месца сярод пісьменьнікаў і ўвайшоў у шорт-ліст прэміі Гедройця.
“Беларусалім. Золак” першая частка раману, які Севярынец пісаў 12 гадоў, у тым ліку ў следчым ізалятары КДБ “Амерыканка”, на сутках Акрэсціна, у ссылках у Малым Сітне ды Купліне. Аб'ём кнігі “Беларусалім. Золак” - 400 старонак. Месцы дзеяння – Менск, Кіеў, Полацк.

Аб чым кніга? У ціхай і забытай Беларусі засноўваецца штаб-кватэра карпарацыі “Непагасны свет”, якая выбірае эмблемай чорны квадрат і мае мэтай ні больш, ні менш – даць усяму чалавецтву шчасце: кожнаму – пульт ад самога сябе, сваіх пачуццяў, настрояў і болю.

Зорка “Непагаснага” Андрэй Белазор, ягоная каханая Вольга Васілеўская і таямнічы геній Чорнага квадрату Цімур у навагоднюю ноч трапляюць у галавакружны вір падзеяў з удзелам вышэйшых службовых асобаў Беларусі, міжнароднага капіталу ды вернікаў-хрысціянаў: евангельскага пастара Льва Каляды, пробашча Касцёла святога Роха Пятра Гарнастая і праваслаўнага анархіста Яна Яснага.

Паступова робіцца зразумела, што і ў Бога, і ў д’ябла грандыёзныя планы адносна Беларусі. Краіна ператвараецца ў поле эпічнай бітвы з відам на Апакаліпсіс.

Больш пра кнігу чытайце на Вікіпедыі.
Цікавыя факты пра раман Паўла Севярынца “Беларусалім”
Аўтар пісаў раман 12 гадоў
Раман пісаўся ў "Амерыканцы", на сутках Акрэсціна, у ссылках у Малым Сітне ды Купліне
У рамане ёсць герой з імем Павел і мянушкай "Геолаг", гэта менскі бомж
За час напісання рамана Павел Севярынец паспеў ажаніцца, двойчы стаць бацькам і выдаць яшчэ 6 кніг
У рамане "Беларусалім" тры кнігі. Выйшла дзве: "Беларусалім. Золак" і "Беларусалім. Сэрца святла". Над трэцяй кнігай аўтар працягвае працу за кратамі
Калі пакласці чарнавікі рамана ў стос, атрымаецца слуп вышэй за чалавечы рост
У другой кнізе раскідана каля 300 ключоў да галоўнай загадкі рамана
У 2010 годзе рукапіс рамана выкрадаў КДБ
Галоўныя героі рамана: Андрэй Белазор, Леў Каляда, Ян Ясны, Вольга Васілеўская і Цімур
"Беларусалім" – раман-прыповесць, раман-адкрыццё, гісторыя-прадбачанне
Водгукі чытачоў
«Чытаю зараз першую частку «Беларусаліму». Абавязкова, як дачытаю, дапішу спадару Паўлу. Праз сорам скажу, што калі б гэты чалавек не сядзеў, яго кнігі маглі б быць незаўважаныя мной, а там столькі любові да Радзімы, што яна здольна змяніць чытача. Ажно песня «Дзяцюкоў» узгадваецца: «Краіна знаных паэтаў, таму што сядзеўшыя». А гэтыя людзі вартыя таго, каб пра іх творчасць мы дазнаваліся іншым шляхам».
Надзея Чыжык
«Цяжка было напачатку заглыбіцца ў грунт аповеда. Здавалася, што патрэбен быў для рамана строгі рэдактар, што вельмі ўсё расплылося, што акіян выйшаў са сваіх берагоў і няма яму супыну. Але чым больш паглыбляўся ў атмасферу настрою ўсяго твора, чым болей асэнсоўваў паводзіны і характары герояў, калі пачынаў чуць, як б'юцца іх сэрцы і баліць душа, гэтае адчуванне сціралася. Аўтар зьмяшаў усё - гонар і адказнасць, золата і гаўно, кроў і соплі, ваніты і смак хлеба, пост і жабрацтва... Усё пераплялося і збілася ў адзін камяк. Мусіць, не кожнаму чытачу лёгка будзе разабрацца ва ўсіх перапляценнях і дакапацца да ісціны. А таму, хто разбярэ, будзе зразумелы сэнс усяго твора, і тады ў самога зашчыміць сэрца, што прынеслі несправядлівасць і гвалт, гвалт над чалавекам».
Анатоль Бароўскі
«Я прачытала Беларусалім проста на адным дыханні. Увечары з кнігай, суботу і нядзелю ад ранку і да вечара з кнігай. Яна сапраўды змяніла ўнутры штосьці, ды моцна і хутка так змяніла, што аж не па сабе. І самае дзіўнае, што я нават не заўважыла ў які момант. У якой частцы, у якім раздзеле, на якіх словах. Ты проста закрываеш кнігу – і раптам разумееш, што думаеш і адчуваеш інакш, быццам табе сапраўды адкрылі ісціну. Я мару, каб гэтай кнігай зацікавілася як мага болей людзей, ёй сапраўды месца ў спісе класікі нацыянальнай літаратуры».
Анастасія Ляшко
«Бел-чырвона-белыя моры, апісаныя ў «Беларусаліме», усцяж запаўняюць нашыя вуліцы – так дзіўна чытаць мастацкую кнігу, якая перацякае ў рэальнасць!
Чытаю «Беларусалім» з тэлефонам у руцэ, заадно паглыбляю веды па гісторыі. А яшчэ – вельмі натхняюць апісанні гарадоў і прыроды. Заўважаю цяпер больш цудоўнасці Божай навокал».
Алена Палачанская
»Інтрыгуе завязка, згорнутая ў шчыльную спіраль, рытм апавядання пульсуе і мяняецца ад абзаца да абзаца. «Беларусалім» трымае ў напружанні дэтэктыўным сюжэтам, і да таго ж эмацыйны, як «аголены нерв».
Аляксандр Катляроў
«Нельга было адарвацца ад кнігі. Асабіста мне вельмі даспадобы выпісаны вобраз Волі. Удалымі і нават трапяткімі падаюцца апісанні прыроды».
Тэрэза Глушакова
«Тэма святла ў «Беларусаліме» заварожвае. Калі па рамане будзе здымацца фільм, атрымаюцца вельмі яскравыя сцэны. Шмат яскравых сцэнаў! Вельмі важная тэма «Беларусаліма» – зруйнаваная веліч і хараство нашай зямлі. Мова «Беларусаліма» напеўная і багатая, змест складаны, хочацца перачытваць. Нейкія радкі падкрэсліць. Пару старонак прачытаць, і на цэлы вечар задумацца. Назаўтра зрабіць нейкі ўчынак, нечаканы для самой сябе. Белазор, што блукае па Менску сорак дзён, зачапіў мяне надта моцна. Я задумалася пра пост, які ніколі не спрабавала вытрымаць».
Аліна Лісоўская
«Чытаю «Беларусалім», вельмі ўражаная. Злавіла сябе на думцы, што хачу пабачыць экранізацыю кнігі. Дай Божа, каб хто таленавіты і сумленны зрабіў бы годны фільм ці нават серыял. І так я натхнілася, што ў выходны села і паехала ў Полацк. Хавалася ў храмах ад сцюдзёнага паветра, назіравала за хуткаплыннай Дзвіной пад Сафіяй і качкамі на тонкім лёдз, паглядзела за чорнымі водамі Палаты між кручастных заснежаных берагоў з Чырвонага маста, адчула ўнутры Спаса-Ефрасіннеўскай царквы як спыняецца час…».
Анастасія
Многае ў «Беларуаліме» мне адгукаецца. Развагі пра Беларусь вельмі трапныя. Яшчэ спадабалася пра волю – што яе нельга адняць. Унутры мы вольныя, усё астатняе – дэкарацыі».
Алена
«Усе героі «Беларусаліма» – вельмі розныя, але ў кожным ёсць барацьба святла і цемры – так, як і ў рэальным жыцці. Мой улюбёны персанаж – Леў! Гэта як быццам ідзе знутры, з сэрца. Яшчэ цудоўна выяўленыя розныя месцы Менску, Заслаўя, Полацка, нібы ў кожнага таксама свой характар. І безумоўна цікавыя гістарычныя ўстаўкі».
Алена Сцяпанава
Фрагмент тэксту з кнігі «Беларусалім. Золак»
Калі вас зацікавіла кніга Паўла Севярынца «Беларусалім. Золак» і вы хацелі б яе атрымаць, пераходзьце па спасылцы і замаўляйце.

Аўтар шчыра ўдзячны сваім чытачам за цікавасць, падтрымку і водгукі. Калі ў вас засталіся пытанні, ці вы хацелі б пакінуць водгук ці каментар, напішыце нам.
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website