Беларусалім. Сэрца святла

Гэта старонка прысвечана кнізе Паўла Севярынца «Беларусалім. Сэрца святла». Тут вы знойдзеце цікавыя факты аб кнізе, інфармацыю па змесце рамана, а таксама рэцэнзіі літаратараў і водгукі чытачоў.
«Беларусалім. Сэрца святла» — працяг бэстсэллера Паўла Севярынца «Беларусалім. Золак» (2017).

Пра што кніга? Канец свету пачынаецца ў Беларусі. Карпарацыя «Непагасны свет» з чорным квадратам у якасці сімвала праграмуе ў Менску пульт ад чалавека — і пры падтрымцы ўлады выкарыстоўвае ў сваіх мэтах рух духоўнага абуджэння, які пачынаецца на тэрыторыі былога ВКЛ. Беларусь робіцца эпіцэнтрам сусветных падзеяў.

Вострасюжэтны раман, дзе вы пазнаеце сярод герояў многіх сённяшніх беларусаў - вір веры і кахання, любові і волі, змагання і здрады, глыбокага рэха гісторыі і нечаканых адкрыццяў. «Беларусалім. Сэрца сьвятла» — ключ да таямніцы гістарычнага лёсу Беларусі. Аб’ём кнігі - 590 старонак.

Другая кніга раману «Беларусалім. Сэрца святла» была цалкам дапісаная ў студзені 2020 года і выйшла перад самай выбарчай кампаніяй ў чэрвені, калі Павел Севярынец ужо сядзеў на Акрэсціна, а пазней быў затрыманы па крымінальнай справе. У адным з лістоў з-за кратаў у 2021 годзе Севярынец піша:
Бог робіць Сваю працу ў Беларусі з неверагодным размахам, з глыбінёй, якой я ня мог уявіць. Адзінае, аказалася, у другой частцы «Беларусаліма» — «Сэрца святла» раптам выявіўся дзясятак ясных прадбачанняў — але гэта дакладна не ад мяне, мне гэта здавалася мастацкай гіпербалай

Такім чынам, сам аўтар і чытачы рамана ўбачылі ў «Беларусаліме» дзясяткі супадзенняў з пасляжнівеньскімі падзеямі ў Беларусі. Вось некаторыя з іх:


  • «Беларусалім» пачынаецца з акцыі салідарнасці на Нямізе, якая суправаджаецца сутычкамі і разгонам. Звініць набат
  • Масавыя маніфестацыі пад бел-чырвона-белым сцягам з удзелам соцень тысячаў беларусаў пачынаюцца летам
  • Беларусь аказваецца ў цэнтры сусветнай увагі
  • У руху актыўна ўдзельнічаюць цэрквы
  • Ключавую ролю бярэ на сябе касцёл. У рамане ясна ўгадваецца фігура арцыбіскупа Кандрусевіча
  • Многія ўдзельнікі акцыяў апранаюць белыя вопраткі, у рамане гэты рух нават называецца «беларух». Паўсюль бел-чырвона-белыя сцягі
  • Рэжым адказвае гвалтам — спецназ, светашумавыя гранаты, войска. Расея прапануе рэжыму дапамогу
  • Многія відныя постаці беларускага руху апынаюцца ў эміграцыі
  • Адзін з пачынальнікаў руху зняволены на Валадарцы
  • Па рамане праваслаўнага епіскапа Арцемія спачатку крытыкуюць, а пасля здымаюць з пасады
  • Нарэшце, назва «Беларусалім. Сэрца святла» пераклікаецца з імем ключавой асобы 2020 года — сэрца Святланы
За кнігу «Беларусалім. Сэрца святла» Павел Севярынец атрымаў украінска-беларускую літаратурную прэмія «Воін святла» імя Міхася Жызнеўскага.

Прэмія прысуджаецца «за кнігу ўкраінскага і беларускага аўтара, у якой дзейнічае высакародны, смелы герой, які змагаецца за справядлівасць, правяшчае агульначалавечыя каштоўнасці і з’яўляецца прыкладам для пераймання».

Больш пра кнігу чытайце на Вікіпедыі.

Рэцэнзіі і водгукі літаратараў на кнігу «Беларусалім.
Сэрца святла»
1.Уладзімір Някляеў - Дайсці да Беларусаліму
Націсніце, каб адчыніць тэкст
Адно з самых пакутлівых, балючых адчуванняў – гэта адчуванне бяссілля перад грубай дзяржаўнай сілай, якая забівае, катуе, знявольвае, для якой няма ніякіх законаў – і ты нічога не можаш зрабіць, каб зратаваць тых, каго яна знявольвае, катуе, забівае. Тым людзям, якіх яна знішчыла, ты ўжо нічым не дапаможаш, і шукаючы магчымасць дапамагчы жывым, ты крычыш пра насілле, пра жахлівую несправядлівасць, пішаш лісты зняволеным, чым можаш і як можаш падтрымліваеш іх родных, але ў кожным выпадку разумееш, як гэтага мала, і балючае адчуванне бяссілля не пакідае цябе…

З такім адчуваннем у дні закрытага суда над пісьменнікам Паўлам Севярынцам пачаў я чытаць ягоны раман «Беларусалім». Падумаў: ну хоць так, калі не магу інакш, калі нават да залы суда не дапускаюць, падтрымаю яго… Можа, ён гэта адчуе, бо ёсць, і я пра тое ведаю, паміж аўтарам, творам і чытачом таемная сувязь…

Сканчаў я чытанне з іншым адчуваннем. «Беларусалім» дае сілы. Нездарма аўтар выказаўся пра яго як пра кнігу жыцця.

Не буду займацца літаратуразнаўчым аналізам рамана, гэтым ужо займаліся – і водгукаў на яго, самых розных, ад узнёслых да зняважлівых, дастаткова. Адзначу толькі тое, што з майго гледзішча найістотнае.

У беларускай літаратуры, прозе і паэзіі, нямала твораў пра беларусаў як пра народ, які толькі фармуецца, стаіць яшчэ недзе каля сваіх вытокаў, і ў гэтым сэнсе сюжэт рамана (пры ўсёй ягонай вынаходлівасці) не выглядаў бы надта арыгінальным, калі б не погляд аўтара на беларусаў не столькі як на народ, нацыю, то бок на з'явы, якія ва ўсім свеце не такія гістарычна далёкія, а глыбей: як на сям'ю. Няхай не адзінакроўную, але ментальна, духоўна адзіную сям'ю, якая дзе б яна ні жыла, у Вялікім Княстве Літоўскім, у Рэчы Паспалітай, у Расійскай імперыя ці ў Савецкім Саюзе, заўсёды была ў Беларусаліме. І думаючы пра гэта, я згадваў сям'ю Паўла, ягонага бацьку, паэта Кастуся Севярынца, ягоную маці, верніцу, настаўніцу, апантаную пошукамі справядлівасці і праўды спадарыню Таццяну, ягоных сёстраў, адна з якіх, Ганна, таксама настаўніца і таленавітая пісьменніца, і для мяне было відавочна, што менавіта з адчування бацькоўскай сям'і ўзнікла жаданне аўтара «Беларусаліма» бачыць, мець як адзіную сям'ю ўсіх беларусаў. Жаданне гэтае стала як бы прадбачаннем, у нечым яно спраўдзілася, калі беларусы паўсталі адной сям'ёй супраць тых, хто ў сям'і вырадак, у кім няма ні крыві, ні духу Беларусаліма.

Сама назва рамана – геніяльная. Лепшай, бадай, не знайсці ва ўсёй беларускай літаратуры ад яе пачатку і да сёння. Яна – глыбокая метафара. Такую назву нельга прыдумаць, яе можна ўбачыць хіба толькі напісанай на небе ў момант азарэння. Тут сплеценая ў адным слове ў адзін вузел уся сусветная гісторыя, неад'емнай часткай якой ёсць Беларусь.

«Беларусалім» – гэта не «Людзі на балоце». І глыбінная розніца не адно ў назве. Пра раман Мележа ў энцыклапедыі сказана, што ў ім «апісана жыццё беларускага насельніцтва». У рамане Севярынца апісана жыццё беларусаў.

Падабенства гэтых твораў хіба ў тым, што Севярынец прытрымліваецца формы, стылістыкі класічнага рамана. У яго даволі шмат адступленняў ад сюжэта, аўтарскіх разваг – і яго папікаюць гэтым: маўляў, так даўно не пішуць.

Ну, сапраўды, так, як Мележ, даўно не пішуць. А яшчэ даўней не пішуць так, як Дастаеўскі. У ягоным найзнакамітым рамане толькі тое і адбываецца, што студэнт забівае бабулю, а ўсё астатняе – аўтарскія развагі. Пра мараль, пра сумленне, пра Бога, дабро і зло…

Шмат хто папракае Севярынца ў бескампраміснасці ягоных разваг. У іх, маўляў, толькі чорнае і белае – без ніякіх колераў пераходу. Без паўтаноў. Дык мы апошнія чвэрць стагоддзя крочылі па пераходах, афарбаваныз паўтанамі. І да чаго прыйшлі?..

Да белага і чорнага.

Абсалютнае зло ўвасабляецца ў рамане ў чорным квадраце. У «перамозе над сонцам», як тлумачыў ідэю свайго «Чорнага квадрату» Казімір Малевіч (у якога, дарэчы, як і ў Дастаеўскага, беларускія карані). І сілы абсалютнага зла, увасобленыя ў чорным квадраце (у Севярынца гэта карпарацыя), актыўна спрабуюць ашчаслівіць беларусаў і ўсё чалавецтва – вось яшчэ адна моцная, разгорнутая метафара рамана «Беларусалім».

«Пісьменніцтва – маё пакліканне, палітыка – абавязак», – кажа пра сябе Севярынец. І мяне здзіўляе колькасць ахвочых адмовіць яму ў ягоным пакліканні. А вось у абавязку – не. Змагайся, Павел! Выходзь на Плошчу пад дручкі АМАПа, цягай бярвенні на «хіміі», сядзі ў турме… Пра гэта, між іншым, я размаўляў з ім, калі ён сядзеў на «хіміі» ў Малым Сітна, дзе напісаў кнігу «Лісты з лесу» (прызнаную найлепшай беларускай кнігай 2007 года). «Нічога, – сказаў ён мне. – Ператрываю».

Сілы абсалютнага зла (карпарацыі чорнага квадрату) судзяць сёння пісьменніка Паўла Севярынца. У каторы раз… А што яны рабілі, пакуль Севярынец пісаў свае пранізлівыя «Лісты з лесу», кнігі «Люблю Беларусь», «Беларуская глыбіня», «Беларусалім»? Яны ў гэты час знішчалі ў Беларусі ўсё беларускае, кралі, гулялі, цягалі па лазнях дзевак і казалі нам, што «куюць беларусам шчасце». Толькі шчасце яны кавалі сваё, не наша. Такое, якім яны шчаслівяцца, прымаючы законы, што дазваляюць ім не толькі здзек і гвалт чыніць над людзьмі, якія ідуць з чырвонымі і белымі кветкамі, але і беспакарана страляць у кожнага, хто замінае ім быць шчаслівымі на крыві і болю народа.

У «Беларусаліме» ёсць прадбачанне «шчасця дыктатуры». Прадказанне ўлады чорных сіл, якім праз усё сваё жыццё супрастаіць Павел Севярынец не толькі па пакліканні, як пісьменнік, але і па абавязку, як адданы сын Айчыны. Супрацьстаіць бескампрамісна, самаахвярна, апантаны нацыянальнай ідэяй.

Што гэта за ідэя? Гэта Хрыстос, які размаўляе па-беларуску. Такая ідэя не можа быць ідэяй чорных, д'яблавых сіл – і тут няма месца кампрамісу. Таму і чыняцца над Паўлам суд за судом… Гэтаксама як над Мікалаем Статкевічам, Зьміцерам Дашкевічам, апантанымі Беларуссю. Як над усімі тымі, каго судзяць разам з Паўлам.

Што мог бы сказаць пісьменнік Павел Севярынец на судзе? Ён мог бы сказаць: «Я мару пра Беларусь як вольную краіну, аддадзеную Богу. Для мяне гэта азначае свабоду ў самым высокім яе разуменні». Але хто гэта ў тым чорным судзе пачуе, зразумее?.. З уласнага досведу ведаю, што ніхто. Таму пісьменнік Севярынец на працягу ўсяго суда маўчыць. «Я ўсё сказаў у сваіх творах».

Варта прачытаць тое, што ён сказаў. Зрабіць разам з ім крок да Беларусаліму.
2.Міхась Скобла – Павел Севярынец дасканала разумее каштоўнасць свабоды
Нездарма галоўнай гераіні «Беларусаліма» ён даў такое знакавае імя – Воля.
Гісторыя сусветнай літаратуры ведае нямала выпадкаў, калі выдатныя, знакамітыя на ўвесь свет творы пісаліся ў турме. З замежнай класікі можна згадаць «Дон Кіхота» Сервантэса, які неаднаразова прызнаваўся найвялікшым раманам усіх часоў і народаў. З класікі беларускай – «Новую Зямлю» Якуба Коласа, чыім «домам творчасці» на цэлыя тры гады яшчэ за царызмам стаў мінскі астрог, вядомы цяпер як Валадарка.

Увогуле, з твораў беларускай літаратуры, напісаных у зняволенні, можна скласці цэлую бібліятэку. Чамусьці турма ва ўсе часы (пачынаючы ад Скарыны, які таксама пабываў у вязніцы) з асаблівай прыхільнасцю прывячала беларускіх пісьменнікаў. Дайце веры, калі сплюсаваць усе тэрміны, адседжаныя імі ў няволі, атрымаецца больш за тысячагоддзе.

Тысячагоддзе!

У гэтую лічбу цяжка паверыць, але я ніколі не забудуся, як мы, студэнты філфака БДУ, прыйшлі ў госці да паэта Сяргея Новіка-Пеюна. Рухавы і ўсмешлівы гаспадар парассаджваў нас на канапе, крэслах і зэдліках, а на заўвагу, чаму сам не прысядзе, адмахнуўся: «Ой, хлопчыкі, насядзеўся я. Пры паляках сядзеў, пры першых саветах сядзеў, пры немцах і пры другіх саветах таксама сядзеў…»

А як тут не згадаць унука паўстанца 1863 года драматурга Каруся Каганца? Не дзівіцеся – ён сам прасіўся ў турму!

«Дарагая Ганулька! – пісаў ён жонцы ў 1910 годзе, – Дагэтуль яшчэ не дабіўся, каб мяне пасадзілі, але ўжо ў панядзелак абяшчалі пасадзіць». І ўжо ў наступным лісце як пра нейкае дасягненне: «Сеў у турму з лёгкаю душою. Тутака і адзін паэт, што пісаў у «Нашу ніву» і завецца Якуб».

Аказваецца, Каганец, асуджаны да года зняволення, не мог сесці, бо турма (цяперашняя Валадарка) была перапоўнена. І ён мусіў дамагацца, каб хутчэй адседзець тэрмін і вярнуцца да сваёй гаспадаркі, у сваю шматдзетную сям’ю. Дамогся і сеў. У турме, між іншым, рабіў ілюстрацыі да Коласавых кніг, час ад часу выходзячы пагуляць на турэмны двор (тады гэта дазвалялася).

Параўноўваць турэмныя рэжымы – царскі і цяперашні – я не збіраюся. Паколькі пасля ўсіх прызнанняў нядаўніх палітвязняў выснова тут напрошваецца адна: сучасныя беларускія турмы ператвораны ва ўстановы, дзе чалавечая годнасць – як прыдзверны дыванок, па якім знахабнелыя ад уседазволенасці турэмшчыкі топчуцца круглыя суткі.

Па чыёйсьці годнасці топчуцца пятнаццаць сутак, па чыёйсьці – месяц, два ці тры. Павел Севярынец трывае гэты здзек ужо амаль год. Не толькі трывае, але і не падае духам. Ён вядзе велізарную перапіску з сябрамі-паплечнікамі (ужо больш за 2000 лістоў адпраўлена ім на волю) і працягвае галоўную справу свайго жыцця – піша раман «Беларусалім». Так, Павел найперш пісьменнік, а не палітычны дзеяч, як шмат каму падаецца. Думаю, тыя, хто чытаў яго кнігу «Люблю Беларусь!», са мною пагодзяцца. Проста ў нашай краіне пісьменніку зусім пазбегнуць палітыкі немагчыма.

Тры гады таму выйшла першая частка рамана пад назвай «Золак». І вось нядаўна – на ахвяраванні 243 прыхільнікаў Севярынцавай творчасці – пабачыла свет другая частка – «Сэрца святла», амаль цалкам створаная ў зняволенні.

Пра што раман, у чыёй назве невыпадкова паядналіся два словы – Беларусь і Іерусалім? Хтосьці захопіцца ім як фантастычным творам. Камусьці захочацца – і небеспадстаўна – пашукаць на яго старонках палітычную праграму. Кагосьці раман уразіць як бліскуча напісаны блокбастар. Усё гэта сапраўды прысутнічае ў творы. Але яго галоўная тэма – больш сур’ёзная. «Беларусалім» – кніга пра краіну, якая прачынаецца ў цемры. Пра пошук нацыянальнай ідэі і пра духоўны пошук, пра Беларусь, дзе Бог не толькі «жыве», але і дзейнічае – праз увесь беларускі народ. Над якім праводзіць свае эксперыменты глабальная карпарацыя «Непагасны свет», што заснавала сваю штаб-кватэру ў Мінску. З яе гледзішча Беларусь – ідэальная пляцоўка, каб ашчаслівіць усё чалавецтва. Адзін з галоўных герояў рамана гісторык Андрэй Белазор спачатку робіцца топ-менеджарам «Непагаснага свету», а затым узначальвае нацыянальна-вызваленчы рух…

Чытаючы «Сэрца святла», я міжволі лавіў сябе на думцы, што аўтар нейкім дзівосным чынам пры жаданні час ад часу пакідаў сваю турэмную камеру і разам з усім народам хадзіў на пратэстныя шэсці, на ўласныя вочы бачыў ашалелыя хапуны на мінскіх вуліцах, на ўласныя вушы слухаў пропаведзі беларускіх святароў, якія асудзілі гвалтоўныя дзеянні сілавікоў… Бо пра ўсё пра гэта расказваецца ў рамане, які (увага!) быў дапісаны задоўга да пасляжнівеньскіх падзей.

Скажам, я ажно супыніўся на сцэне, дзе праваслаўнага епіскапа Арцемія выклікаюць у «Мітрапалітбюро» на прафілактычную гутарку – за «палітызаваную» пропаведзь. І што там чуе ўладыка ад начальнікаў (не толькі царкоўных)? «Да Масквы дайшлі звароты свяшчэннікаў і прыхаджан пра вашы паводзіны, несумяшчальныя са званнем архіерэя Рускай праваслаўнай царквы. Вы самі ўсё разумееце. Самы час сысці і не падстаўляць царкву». А Арцемій ім у адказ: «Не вы мяне ставілі, не вам і здымаць. Выбачайце, мне пара на службу».

І падобных сцэн (пазнавальных у пазнейшым рэальным жыцці) у рамане вельмі шмат. Пра што яны сведчаць – пра адкрыты ў турме аўтару зрок празорца ці яго самнамбулічныя перасоўванні ў часе? Творчасць – гэта заўжды таямніца.

Калі Павел быў яшчэ на волі, я неяк запытаўся, як ён успрымае турэмныя выпрабаванні, што выпалі на яго долю. І ён згадаў словы з Бібліі «Той, хто пакутуе целам, той перастае грашыць». З чаго вынікала, што турма для Паўла – своеасаблівы чысцец, дзе ён духоўна дасканаліцца…

Ужо дзесяць з паловай месяцаў Севярынец – у СІЗА у чаканні чарговага прысуду. Хочацца ўсё ж верыць, што ён будзе апраўдальным і адзін з лепшых беларускіх празаікаў неўзабаве выйдзе з-за кратаў. Хто-хто, а ён разумее каштоўнасць свабоды. Нездарма галоўнай гераіні «Беларусаліма» ён даў такое знакавае імя – Воля.
3.Уладзімір Бруй - Quo vadis? Belarusalimam
Жыццё чалавечае – няспынны ланцуг падзей. Кожнае звяно гэтага ланцуга адметна сваёю велічынёю, трываласцю, формаю. Час ад часу некаторыя звёны ўсплываюць у памяці ў залежнасці ад роду нашых заняткаў, схільнасцяў і інтарэсаў. Часцей за ўсё гэта неардынарныя здарэнні, сустрэчы з цікавымі асобамі, незвычайныя прыродныя з’явы. Ёсць шмат людзей, для якіх на першым плане знаходзяцца прачытаныя кнігі, апісаныя ў іх падзеі і героі.

Я адзін з іх. Маё дзяцінства – гэта «Два капітаны» В. Каверына; юнацтва – «Тры таварышы» Э.М.Рэмарка; больш сталыя гады – А.Чэхаў, І.Бунін, М.Булгакаў. Падчас перабудовы з захапленнем праглынуў «Дзяцей Арбата» Анатолія Рыбакова. А крыху пазней ледзь не ўзарваў мой мозг А. Салжаніцын. Прачытаўшы яго «Архіпелаг»,– дзякуй Богу, што якраз пачаўся летні адпачынак, – я не мог не тое, што ўзяць у рукі якую-небудзь кнігу, а нават глядзець на друкаваныя радкі. Яны мне прычынялі нясцерпны боль у сэрцы ад перажывання тых здзекаў, якія чыніліся над мільёнамі людзей у парушэнне усялякага здаровага сэнсу пад прыгожыя словы і геніяльныя мелодыі накшталт «Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышит человек». «1984» Оруэла я ўжо чытаў даволі спакойна як пацвярджэнне свайго новага разумення цаны грамадству, якое гвалтоўным чынам імкнецца загнаць ўсіх пагалоўна ў кімсьці прыдуманае ўсеагульнае шчасце.

Да свайго паўвекавога юбілею я падыйшоў вернікам-хрысціянінам, і маёй настольнай кнігай і асноўнай крыніцай спазнання свету стала Біблія. На працягу апошніх трох гадоў мяне моцна прывабіла да сябе тэма ўнікальнасці беларускай гісторыі ў святле Божага Слова.

Не так даўно мне пашанцавала пазнаёміцца з новай кнігай хрысціянскага паэта і пісьменніка, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Яўгена Сергіені, у якой ён распавядае пра царкву хрысціян веры евангельскай у вёсцы Чудзін. Кніга не з’яўляецца строга навуковым даследаваннем, хоць і ўтрымлівае акадэмічныя звесткі пра паходжанне назвы вёскі, акрэслівае гістарычныя перыяды, звязаныя з уплывам рускай праваслаўнай царквы, стварэннем уніяцкіх прыходаў, навязваннем каталіцкага веравызнання і нарэшце надыходам атэістычных часоў, якія вызначаліся асабліва жорсткім і бязлітасным пераследам прыхільнікаў любых канфесій.

Як вучоны-багаслоў, а таксама святар з багатым досведам служэння ў якасці пастара і біскупа, Яўген Сергіеня прыходзіць да цікавых высноў аб праяўленні волі Божай праз своеасаблівы колазварот дабраславенняў і цяжкіх выпрабаванняў для беларускага народа ў апошнія некалькі стагоддзяў. Ён нагадвае пра такі важны духоўны прынцып: «Каго Бог любіць, таго і карае».

Як, на мой погляд, лагічны працяг роздуму і збору матэрыялаў на гэтую тэму ў мае рукі трапляюць кнігі Паўла Севярынца пад назвай «Беларусалім». Яшчэ не пачаўшы знаёміцца з тэкстам, з добрай зайздрасцю падумаў, што аўтар не проста прыдумаў, а хутчэй атрымаў аднекуль звыш гэтае ёмістае слова, што нясе ў сабе феномен падабенства і еднасці лёсаў Княства Літоўскага, сучаснай Беларусі і Ізраіля.

З гэтай мэтай ён стварае бліскучы вобраз блогера Мацея Лявіцкага, які вядзе блог Belarusalim.by, збірае матэрыялы па тэме беларускага габрэйства і яго ролі ў адраджэнні Ізраіля, раскопвае звесткі пра трынадцаць габрэяў – нобелеўскіх лаўрэатаў і, зразумела, чатырох прэзідэнтаў і сем прэм’ераў, народжаных у Беларусі. Як і прыстала сапраўднаму габрэю, Моця часцяком ходзіць па краі бездані, але ніколі не застаецца без добрага прыбытку.

Павел Севярынец неаднаразова робіць важкі акцэнт на тым, што менавіта з Бедарусівыйшла пакаленне аднаўлення Ізраіля і гэта з’яўляецца біблійным прароцтвам, прыкметай апошніх часоў і блізкага Апакаліпсісу.

На вялікі жаль першы том пад назвай «Золак», хутка сплыў з маіх рук, бо было сярод маіх сяброў надта шмат ахвочых пазнаёміцца з яго зместам. А што да «Сэрца святла», то я намерыўся прачытаць яе спачатку вокам простага чытача, а потым, калі атрымаецца, даследчыка.

Напачатку прыйшлося прабівацца, як скрозь каменную сцяну, праз першыя старонкі аповеду пра Белазора і Пятра. Яны нечакана, але так дабрашчасна апынуліся ў кампаніі былога рабаўніка Глеба, колішняга алкаша дзядзькі Сцяпана, спартоўца-інваліда Косці Варацішына і іншых, што ўтварылі сваю неверагодную царкву. Змест даходзіў цяжка, але вельмі вабіла мова – сапраўды беларуская, багатая, дакладная, здольная перадаць аблічча і ўнутраны свет людзей, і бясконца зменлівае хараство прыроды.

Неўзабаве імклівае развіццё падзей захаплівае мяне, як галаваломны дэтэктыў. Калейдаскоп гістарычных карцін па-свойму зацягвае ў мінулыя часы, вяртае з нябыту выбітных дзеячаў і лёсаносныя падзеі. Адчуваецца гіганцкая праца аўтара з архіўнымі і іншымі крыніцамі. Як сапраўдны геолаг Павел Севярынец «рые» глыбока і паслядоўна.

Паступова ў розуме чытача пачынае паўставаць уяўленне аб глыбокай адметнасці беларускага народа, яго «сэрцы святла», якое не можа належаць толькі насельнікам сучаснай тэрыторыі. Аўтар слой за слоем саскрэбвае часткі чорнага квадрата і паказвае схаваныя пад ім карціны гісторыі ад пачатку пісьменнасці і дзяржаўнасці. Праз шматвекавую беларускую культуру ён ускрывае своеасаблівы код хрысціянства і выводзіць геніяльную формулу нацыянальнай ідэі: «Ісус, які гаворыць па-беларуску».

Як тут не ўзгадаць Статут Вялікага Княства Літоўскага, які ў свой час быў пакладзены ў аснову Канстытуцыі ЗША. Гэтая дзяржава няўхільна станавілася самай магутнай ў свеце, практычна не мяняючы палажэнняў свайго асноўнага закону. І, на мой погляд, працягвацца гэта будзе толькі да той пары, пакуль будуць ушаноўвацца закладзеныя ў яго хрысціянскія каштоўнасці. Прыблізна тое ж самае скажу і пра Беларусь: колькі ні будзе перапісвацца яеКанстытуцыя, народ не ўбачыць лепшага жыцця, пакуль у яго сэрцы не зойме належнае месца «Ісус, які гаворыць па-беларуску».

Таму, мне падаецца, асноўная канва сюжэта трымаецца на перапляценні Евангелля, гістарычных і сучасных падзей.

* * *

У шэрагу бліскучых жаночых персанажаў, роўных якім я проста не знаходжу нічога падобнага ва ўсёй беларускай літаратуры, вылучаецца галоўная зорка і гераіня Воля. Вобраз гэтай дзяўчыны, само яе імя і падзеі жыцця – ад звычайнай студэнткі філфаку да неверагоднай пакутніцы – нясе ў сабе пранізлівыя рысы Беларусі.

«Вольная воля» – гэтыя словы абуджаюць у маёй памяці вершы з другога Паслання Апостала Пятра (1:19): «І пры тым мы маем самае пэўнае прарочае слова; і вы добра робіце, што звяртаецеся да яго як да светача, які ззяе ў цёмным месцы, пакуль не пачынае брацца дзень і не ўзыйдзе ранішняя зорка ў сэрцах вашых».

Знаёмства з Жывымі камянямі, апошнімі імгненнямі жыцця Льва Каляды, падзеі ў Полацкуі іншых гарадах маглі б падацца суцэльнай фантастыкай, калі б літаральна праз пару месяцаў пасля выхаду другой часткі «Беларусаліма» ў краіне ўслед за выбарамі не адбыліся падзеі, якія выйшлі на першы план сусветных навінаў.

Усемагутны Цімур, гэтае пачварнае ўвасабленне неўтаймоўнай, дзікай антыбеларускай сілы, вымушаны канстатаваць, што «ня ўсё так проста з гэтым ціхім, балотным народцам. Рабы, гэта факт. Гаспадарамі не былі ніколі. Служылі і прыслужвалі. Умеюць толькі падпарадкоўвацца. Сваё і сваіх ненавідзяць, таму што ўся краіна – адзін засраны калгас. Мазахісты. Іх тут снашалі тры сотні гадоў – немцы, рускія, палякі, зноў немцы,зноўрускія, потым свае бандыты. Яны ташчацца, калі іх гнобяць, кахаюць бязлітасных і гвалтаўнікоў».

Гэтая ацэнка беларусаў не такая ўжо і рэдкасць, і яе трэба прызнаць у чымсьці слушнай і абгрунтаванай у шырокім гістарычным кантэксце. Але я хацеў бы звярнуць увагу на тое, што «народзец» ды яшчэ «балотны» так нечакана прагучала з вуснаў кіраўніка краіны іменна тады, калі сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцы вялікіх і малых гарадоў, каб заявіць аб сваёй чалавечай годнасці. І гэта былі не хатнія гаспадыні з пустымі каструлямі, а, хутчэй, даволі заможныя людзі, не састарэлыя маразматыкі, а людзі ўсіх узростаў, не люмпенізаваныя падлеткі, а адукаваная моладзь з лінгвістычнага, радыётэхнічнага ці іншых універсітэтаў. Адназначна гэта з’яўляецца галоўным пацверджаннем прароцкага духу, які кіраваў П. Севярынцам пры напісанні твора.

* * *

«Бо Госпад Бог нічога не робіць, не адкрыўшы Сваёй тайны рабам Сваім ува Хрысце прарокам» (Амос 3:7).

Шматлікія падзеі аповеду выглядаюць калі прароцтвамі, а калідакладнымі прадказаннямі. Найперш, калі параўноўваць апісаны ў «Сэрцы святла» Беларух з падзеямі, што пачаліся пасля 9 жніўня, то ў вочы кідаецца нечаканая масавасць пратэстаў. Таксама нельга не ўспамянуць, як палыхнулі сацыяльныя сеткі. І не толькі з удзелам карыстальнікаў беларускага інтэрнету, але і ў самых розных суседніх і далёкіх краінах.

Ёсць і іншыя дэталі. «Пасля свечак на сцэне пагаслага амфітэатра ў Віцебску, Полацку, Менску ўначы дзе-нідзе пачалі запальваць і ставіць на вокны свечкі. Класна прыдумана. Алелюя».

Тут жа, на ст.51, чытаем пра прагляды начных стрымаў з двароў спальных раёнаў.

Чытаючы пра тое, як забарыкадавалася царква «Новае неба» нельга не ўзгадаць закрыццё малітоўнага дома «Новае жыццё».

Невыпадковая дробязь – успамін пра Баранавіцкі астрог, які тхне псарняй, таму што туды звозілі шмат арыштаваных у Мінску. Не чакалі ўлады такога ліку пратэстоўцаў, хоць і напакоўвалі іх, як селядцоў у бочкі.

Можна далучыць сюды словы пра тое, што «сотні затрыманых вернікаў размяшчалі ў Валадарцы, Амерыканцы, гарадскім ізалятары, Жодзінскай турме, развозілі па раёнах…»

Надзвычай сімвалічным падаецца эпізод, калі падчас разгрому Беларуху «немалады дзядзька сутаргава матляў, нібы даўжэзнай перабінтаванай рукой, брудным бел-чырвона-белым сцягам».

У «нейкім пратэстанце» па імені Зміцер, якога аўтар падае маскоўскім младабеларусам з асацыяцыямі пра Лжэдзмітрыя, узгадваецца гераічная постаць Зміцера Дашкевіча, з якім і яшчэ некалькім прыхільнікамі беларушчыны за колькі месяцаў да жнівеньскіх выбараў мы разам маліліся за мірны зыход гэтай падзеі ў вёсачцы Востраў на Ляхаўшчыне. Памятаю, што асабіста я ў той малітве раз за разам паўтараў: «Божа, дай мудрасць усім бакам магчымага супрацьстаяння».

* * *

Не стану падрабязна спыняцца на асобе П. Севярынца і закранаць пытанне яго адпаведнасці званню прарока, але адназначна скажу, што жыццёвы досвед гэтага неардынарнага чалавека сягае ад смярдзючых камераў турэмных ізалятараў, самай цяжкай, бруднай прымусовай працы на «хіміі» да высокіх кабінетаў, дзе вырашаюцца лёсы сусветнай цывілізацыі.

Тым, ад каго сёння залежыць яго жыццё, хацелася б нагадаць словы прарока Міхея (2:1):Гора тым, якія намышляюць беззаконне і на ложках сваіх прыдумваюць зладзействы, якія учыняюць раніцай на світанні, таму што ёсць у руцэ іх сіла! Пажадаюць палёў і бяруць іх сілаю, дамоў, - і адбіраюць іх; абіраюць чалавека і яго дом, мужа і яго спадчыну. Таму так кажа Госпад: вось, Я намышляю навесці на гэты род такое бедства, якога вы не скінеце з шыі вашай, і не будзеце хадзіць выпрастаўшыся; бо гэта час ліхі. У той дзень скажуць пра вас прыпавесць і будуць плакаць горкімі слязьмі і казаць: "мы зусім спустошаныя! доля народу майго аддадзена іншым; як вернецца да мяне! Палі нашыя ўжо раздзелены іншаплямёнцамі".

І далей Міхея (3:1-9): І сказаў я: слухайце, галовы Якава і князі дома Ізраілевага: ці ж ня вам трэба ведаць праўду?А вы ненавідзіце добрае і любіце ліхое; лупіце зь іх скуру іхнюю і плоць з касьцей іхніх, ясьце плод народу Майго і лупіце зь іх скуру іхнюю, а косьці іх ламаеце і крышыце як бы ў гаршчок, і плоць - як бы ў кацёл.

І будуць яны заклікаць да Госпада, але Ён не пачуе іх і схавае аблічча Сваё ад іх на той час, як яны зладзейнічаюць.

Так казаў Гасподзь на прарокаў, якія ўводзяць у аблуду народ Мой, якія грызуць зубамі сваімі - і прапаведуюць мір, а хто нічога не кладзе ім у рот, супроць таго абвяшчаюць вайну.

Таму ноч будзе вам замест уявы і цемра - замест прадказаньняў; зойдзе сонца над прарокамі і пацямнее дзень над імі.

І пасаромеюцца празорліўцы, і пасаромленыя будуць варажбіты, і замкнуць вусны свае ўсе яны, таму што ня будзе адказу ад Бога.

А я напоўнены сілаю Духа Гасподняга, праўды і цьвёрдасьці, каб выказаць Якаву злачынства яго і Ізраілю - грэх ягоны.

Слухайце ж гэта, галовы дому Якаўлевага і князі дому Ізраілевага, якія грэбуюць правасудзьдзем і скрыўляюць усё простае.

* * *

Разважаючы пра далейшы лёс беларусаў як хрысціянскай нацыі, я таксама ўспамінаю словы з Паслання Захарыі (14:8): І будзе ў той дзень, жывыя воды пацякуць зь Ерусаліма, палавіна іх да мора ўсходняга і палавіна іх да мора заходняга: летам і ўзіму так будзе.Госпад будзе Царом над усёю зямлёю; у той дзень будзе Гасподзь адзіны, і імя Яго - адзінае.

Вяртаючыся да «Беларусаліма», узгадваецца вобраз царыцы Еўропы, галавой якой з’яўляецца Гішпанія з каронай у выглядзе Партугаліі, а сэрца яе – Беларусь! Менавіта тут адна палова рэк рухаецца праз Дняпро да мора Чорнага, другая ж праз Нёман – да Балтыйскага. Самымі блізкімі рэкамі з Нясвіжам паміж імі былі Уша і Лань. Абедзьве жудасна пацярпелі падчас дзікунскага асушэння Палесся ў 1960 гады. Так хочацца верыць, што менавіта з гэтай зямлі адзіны Госпад распачне Свой рух па усіх кантынентах і астравах!

* * *

Чаго б мне не хацелася, гэта каб збыліся прароцтвы Паўла пра шыхты змагароў з лозунгамі «СС» (смерць сатане), пад бел-чырвона белымі сцягамі з выявай кулака.

Таму я бачу адзіны шлях, каб сённяшнія лідары грамадскага супраціву –незалежна ад таго знаходяцца яны за кратамі, у сваіх дамах ці за мяжой – уразумелі, што толькі адчайная малітва да Ісуса Хрыста можа прывесці да бяскроўнага, а гэта значыць найперш духоўнага перавароту ў нашым жыцці. Мяне бясконца здзіўляе такая простая рэч: сярод крытыкі беззаконня, заклікаў да волі, справядлівасці ды ўвогуле жыцця «у краіне для жыцця» няма месца слову Божаму.

Нават тыя, хто лічаць сябе хрысціянскімі дэмакратамі, практычна не ўжываюць слова «Хрыстос». А чаму б ім першым не паразважаць пра тое, што «ўсялякая ўлада ад Бога», што «сэрца цара ў руцэ Госпада»? Наўрад ці ў гісторыі чалавечай цывілізацыі знойдзецца больш дасведчаны, чым цар Давід, чалавек. Ён меў цесныя духоўныя зносіны з Богам і вельмі добра разумеў праблемы, звязаныя з барацьбой за ўладу і дзяржаву, якою яму прыйшлося кіраваць. Вельмі карысна было б успомніць яго словы, што «Ён таймуе дух валадароў» (Псальма 75:13); па Яго загаду зямля Ягіпта «ўрадзіла шмат жаб нават ў спальні цароў»(Пс.104:30); «Госпад праваруч цябе. Ён ў дзень гневу Свайго пакараецароў»(Пс.109:5); «…закоўваць цароў іхніх у кайданы і вяльможаў іхініх – у путы жалезныя» (Пс.149:8).

* * *

Хацелася б усім нам і Паўлу Севярынцу пажадаць такой жа, як у апісанага ім Льва Іванавіча Каляды веры у перамогу справы Божай на роднай зямлі, сілы духа, цярпення і здароўя, каб завяршыць задуманае і наблізіць той дзень, калі на дарозе сустрэнуцца два чалавекі і паміж імі адбудзецца наступная гаворка.

– Quo vadis? Куды ідзеш?

– Omnes viae Belarusalimam ducunt. Уcе дарогі вядуць ў Беларусалім

– У каго верыш?

– У Хрыста, які размаўляе па-беларуску.
4.Аляксей Шэйн - Беларусалім. Сэрца святла
Як пісалася гэтая кніга?

Гэтай вясной Павел Севярынец атрымаў сем год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Падчас шматдзённага судовага працэсу ён прынцыпова маўчаў. Толькі ў сам дзень абвяшчэння прысуду, калі ў будынак урэшце пусцілі журналістаў і сваякоў, «завёў» залу, стоячы за кратамі: «Верым! Можам! Пераможам!»

Маўчаў ён і да суда, адмаўляючыся даваць паказанні на допытах. А калі ў яго запатрабавалі адказу, то заявіў: «Я ўжо ўсё сказаў у сваіх кнігах».

Кніг у Паўла, і праўда, шмат. Галоўная з іх – «Беларусалім». Тры часткі рамана, у якім зло і дабро змагаюцца за Беларусь і ў сэрцах саміх беларусаў. Павел пісаў гэтую кнігу пятнаццаць год, з 2005-га па 2020-ы.

Зрэшты, яна магла да нас і не дайсці.

Умовы, у якіх ствараўся раман, былі самыя розныя: СІЗА КДБ; «хімія» ў Малым Сітна, дзе Павел адбываў першае пакаранне; затым, праз некалькі год, – «хімія» ў Купліне. Вядома, усё пісалася ад рукі, на аркушах паперы, у адным асобніку. Аднойчы, пры чарговым ператрусе, увесь чарнавік рамана – сотні старонак – канфіскавалі. Здавалася, кніга згубленая. Але, пасля міжнароднага заступніцтва, улады ўсё-такі вярнулі рукапіс.

Другі раз канфіскоўвалі, калі Павел сядзеў на Акрэсціна. «Рукапіс забралі, нягледзячы на мае пратэсты, – пісаў Павел у заяве ў Генеральную пракуратуру. – У той жа дзень я напісаў заяву на імя начальніка ЦІП, якую перадаў дзяжурнаму на праверцы. Адказу на сваю заяву я так і не атрымаў. Больш таго, на наступнай праверцы супрацоўнікі ЦІП дэманстратыўна раскідалі аркушы белай паперы з маіх рэчаў па ўсёй камеры і патапталіся па іх ботамі».

Аддалі канфіскат (цалкам нечакана) толькі падчас наступнай Паўлавай адсідкі.

Другая частка раману «Беларусалім», якая называецца «Сэрца святла», была надрукаваная ў чэрвені 2020 г. Прэзентацыя прайшла без аўтара. На той час Павел ужо амаль месяц як знаходзіўся ў турме.

Пра што «Беларусалім»?

Перадусім гэты раман – пра беларусаў і іх гістарычнае пакліканне. Хрысціянскае бачанне свету мае на ўвазе, што гэты свет не бессэнсоўны. Ён – рацыянальны. Усё, што створана, створана для нечага, мае мэту, і ва ўсім ёсць сэнс. Праз свой раман Павал асэнсоўвае пакліканне беларускага народа і дзеліцца разуменнем гэтага паклікання.

Яшчэ гэта кніга пра закаханасць у Бога і пяшчотную любоў да Беларусі. «Закаханасць у Бога?» — здзівіцца хтосьці. Так. Гарачая, эмацыйная закаханасць, што прыходзіць да любога чалавека, які перажывае «сустрэчу з Богам». Кожны вернік ведае, што патлумачыць гэты стан настолькі ж складана, як патлумачыць, што такое першае каханне таму, хто ніколі ні ў каго не закахаўся.

«Беларусалім» — кніга пра тое, якой бы Павел хацеў бачыць беларускую рэвалюцыю духу, нацыянальнае і хрысціянскае абуджэнне народа. Пра тое, якімі шляхамі да нас можа прыйсці перамога. Зрэшты, шлях толькі адзін, падабаецца гэта каму ці не. Без следавання гэтым шляхам усё, што робіць чалавецтва, заўсёды, без выключэнняў, пераўтваралася ў вычварэнне.

Чым раман адметны?

Бываюць, кнігі пішуцца «па гарачых слядах». А гэтая напісаная яшчэ да таго, як самі сляды з’явіліся.

Натоўпы людзей у светлых вопратках і чорнае адзенне карнікаў; званы катэдральнага касцёла, які вітае шматтысячнае шэсце пад БЧБ; дваровыя мерапрыемствы; сутычкі з ОМОНам; катаванні знвяволеных і смерць у турэмных камерах; канспірацыя, ліхтарыкі (у кнізе — свечкі) у вечаровых вокнах дамоў; слова «беларусы», якое вучыць Еўропа. Актыўны ўдзел цэркваў ва ўсім Беларуху. Вялікія гарады і маленькія мястэчкі абуджаюцца. Лідары гэтага абуджэння, каб пазбегчы арышту, вымушаны эміграваць у Вільню… Усё, што мы перажылі са жніўня 2020, – у кнізе, якая выйшла ў чэрвені 2020-га.

Павел у сваім лісце з Валадаркі пісаў мне, што для яго самога гэта быў раман-адкрыццё. «Карціны, якія ажываюць – гэта не «вылічанае» прадбачанне: улетку-увосені 2020 мяне самога агаломшылі дзясяткі супадзенняў».

Пішучы, аўтар глядзеў у сэрца народа. Прычым народ для яго — не проста «насельнікі Рэспублікі Беларусь», а нашмат шырэй: усе тыя, хто жыў тут ад пачатку пісьменнасці і дзяржаўнасці.

Падзеі ў рамане – гэта перапляценне евангельскай гісторыі з гісторыяй Беларусі. І цячэнне гэтай гісторыі мацнейшае за саміх герояў. Кожны з іх застаецца вольным у сваім асабістым выбары, ад кожнага з іх залежыць, што яны абяруць: Святло, альбо Цемру. Героі вызначаюць хаду кніжнага наратыву. Але ніхто і нішто не можа змяніць хаду наратыву гістарычнага. Над усім ёсць Бог, і Ён – адзіны сапраўдны творца гісторыі.

Чаму «Беларусалім» трэба прачытаць?

Вось тры пункты (вядома, іх больш), якія я адзначыў для сябе:

  1. Кніга, якая не пакідае раўнадушнай. Яе будуць альбо ганіць, альбо хваліць. Прамаўчаць пра яе вельмі складана.
  2. Надзвычай якасная, жывая мастацкая проза.
  3. Раман натхняе задумацца пра Бога.

Першай кнізе Паўла Севярынца закідалі, што надта ўжо там выразна ўсё падзеленае на чорнае і белае. Маўляў, у жыцці так не бывае, павінна быць і пяцьдзясят адценняў шэрага. Наш час, які абвастрыў кантрасты, паказвае, што на гістарычных пераломах, калі святло ззяе асабліва зырка, шэрае знікае.

Чаго чакаць далей?

Перадусім, чакаем вызвалення Паўла Севярынца з турмы.

Пасля гэтага – выхаду трэцяй, фінальнай часткі «Беларусаліму». Яна ўжо дапісаная. На «Валадарцы» аўтар увесь апошні год працаваў над рэдактурай тэксту.

Чакаем, безумоўна, што прыйдуць перамены.

Чакаем, што раман будуць чытаць, і гэтыя перамены стануць больш трывалымі.

І зусім не без падстаў чакаем, што гэты раман у нашай нацыянальнай літаратуры застанецца вельмі надоўга. А можа, і на столькі часу, колькі беларуская літаратура будзе існаваць.

5.Вадзім Болбас - Божа, вярні нам той дух залатога веку!
Пачытаўшы на вокладцы другога тома, што гэта «раман пра канец сьвету, які
пачынаецца ў Беларусі»; прызнаюся, мая цікавасьць да твора зьменшылася. За маё
жыцьцё прагназаваўся не адзін дзясятак «канцоў Сьвету», а Сьвет жыве і на маю
думку ўсё ж робіцца лепшым, больш дасканалым.

Мне – матэрыялісту цяжка каментаваць твор, цалкам напоўнены рэлігійным ,
хрысьціянскім зьместам. Пра што гэты вялікага аб'ёму тэкст?

Да якога жанру яго аднесьці? Споведзь, эсэ, мемуары, развагі рэлігійнага фаната,
раман?

Усё ж раман. Раман – папярэджаньне, раман-утопія, раман-антыўтопія, фэнтэзі.
І тое, і другое, і пятае, і г.д....

Аўтару гэтага допісу, незнаёмаму з падрабязнасьцямі сталічных падзеяў,
людзьмі, хто мог быць прататыпамі дзеючых асобаў твора немагчыма рабіць
супастаўленьні рэальных і апісаных падзеяў, герояў твора. Таму застаецца толькі
апісаць тое, што адчулася, уявілася, падалося пры чытаньні і асэнсаваньні
прачытанага.

Раман – утопія! Так, тое што напісана ў рамане «Беларусалім» без сумневу можна
уключаць у працяглы сьпіс літаратурных утопіяў. Утопіяў-мараў, мараў пра тое, што
нейкая звышнатуральная сіла уключыцца ў барацьбу дабра са злом, стане дзейнічаць
на баку дабра, і урэшце, зло будзе пераможанае.

Такія прыклады былі і ў беларускай літаратуры новага часу: Старадаўняе,
таямнічае, абсалютна закрытае для іншых таварыства «Ваўкалакаў; «Нэўры» - яны
маглі пераўвасабляцца то ў людзей, то ў іншых істотаў. Цяпер «Барысавы камяні»,
яны ж «жывыя камяні». Аўтар аднаўляе імёны «камянёў», ачалавечвае іх. Далей
працяг фэнтэзі-мары як на трэніроўкі да Глеба па фізічнай і сьпецыяльнай
падрыхтоўцы «жывых камянёў» зьбіраюцца ўжо сотні, ці нават тысячы маладых
атлетычных мужчынаў, здольных даць не абы які адпор і сілавікам і цітушкам
«ватнікам» .

Мары- утопіі: масавыя пакаяньні людзей у хрысьціянскіх храмах розных
канфесіяў (Цуд у Наваградку і інш) ; разгром коннымі рыцарамі-рэстаўратарамі
гэбісцкай каманды, вызваленьне вязьняў псіхушкі; Масавыя пратэстныя рухі ў
розных мясьцінах рэгіёнах Беларусі, і інш. Але пра гэта болей падрабязна: Згодна
выдавецкіх дадзеных кніга напісаная задоўга да масавага пратэстнага руху ад жніўня
да кастрычніка 2020г. Ці не гэта першае з геніяльных прадбачаньняў аўтара? А
другое прадбачаньне проста ўражвае – зьняцьцё з пасады кіраўніка епархіі і
пабаўленьн архіепіскапскага сану сынодам маскоўскай праваслаўнай царквы
Айца Арцемія. Хоць ў рамане гэта Смаленск і Смаленская епархія, але сану
пазбаўляецца сьвятар-беларус.

Раман-антыўтопія. Дабро разьбіта, частка носьбітаў ў зьняволеньні, актыўныя
пераснажы вымушаны жыць і неяк дзейнічаць у падпольлі. Зло пакуль цешыцца
перамогай...

Зьмест усяго аб'ёмнага рамана цалкам хрысьціянскі. А як жа гэта ў лексіцы?
Пералічваць усе цытата з кананічнай хрысьціянскай літаратуры, выкарыстаныя
аўтарам, няма сэнсу, ня хопіць ні памяці кампутара, ні паперы. Таму палічыў
мэтадам «выпадковай выбаркі частату словаў: « Бог, Ісус. Марыя...»

Аўтар вельмі ўдала і рэалістычна апісаў як зараджэньне, разьвіцьцё, узмацненьне
грамадскіх пратэстных рухаў, так і іх паступовае, павольнае зьмяншэньне,
заціханьне і сыход на нішто, калі мэты дасягнуць не ўдаецца. Гэта цалкам
укладаецца ў тэорыю «псыхалягічнага выгараньня».

Па майстэрску апісанае і увасабленьне «абсалютнага зла» такі сабе сымбаль
усёпаглынальнага глябалізма – Цімур Баальбекаў. Персанаж гэты мае абсалютную
ўладу, з пагардаю ставіцца як да простага люду, купляючы лепшыя мазгі, так і да
маючых афіцыйную ўладу персонаў: прэзідэнт, прэм'ер, маністры, сілавікі. На ўсіх у
яго дасье з кампрпматам, усе, хто запалоханы, а хто перакуплены. Праз гэтае дасье
аўтар дае характарыстыку ключавым асобам кіроўнай вярхушкі дзяржавы. Так,
менавіта вярхушка, а не ЭЛІТА кіруе Беларусьсю. А сапраўдная эліта ў вязьніцах,
эміграцыі, затаілася да лепшых часоў (В.Б.).

Нельга не адзначыць што сваімі паводзінамі, манерамі, звычкамі Цімур надта
нагадвае рэальную ўсеўладную персону. Праўда з тэксту не зусім зразумела, адкуль
ён узяўся, і чаму асеў менавіта ў Беларусі.

На мой погляд у рамане крыху перабольшана роля яўрэяў-інтэлектуалаў
выхадцаў з Беларусі у станаўленьні сучаснага Ізраіля. Мяркую, што без значных
капіталаўкладаньняў з разьвітых краінаў, найперш ЗША стварэньне такога Ізраіля
было б цяжкім. Ці не таму ў сеціве раз-пораз аўтара абвінавачваюць у прыхаваным
яўрэйстве.

Шмат матэрыялу рамана (ці ня 6 разьдзелаў) прысьвечана цікаваму персанажу –
самарыцянцы, манашцы, пакутніцы Вользе Васілеўскай. Жанчыне, што пазнаўшы і
каханьне і здрады і боль нясьцерпна пакутуе і фізічна і маральна пасьля забойства ў
сабе ненароджанага, нежаданага дзіцяці. Гэтая тэма выказвае найяскравей
хрысьціянскія гуманістычныя перакананьні аўтара. «Жывое забіваць нельга»,
расплата будзе страшнай, чытаецца ў кожным радку гэтых разьдзелаў. Пачытаўшы
гэта, ня ўсе, зразумела, але шмат жанчынаў, што задумалі рабіць аборт, адмовяцца
ад свайго намеру.

Крыху пра стыль і мову твора.

Раман рознастылёвы. У адных разьдзелах, дзе апісваюцца рэальныя, канкрэтныя
дзеяньні, стыль апавядальны, лёгкі, чытаецца з цікавасьцю. Як кажуць у тэатры:
«Адчуваецца тэмпа-рытм». Гэта «Пагоня», часткова «Жывыя камяні», «Цемра,
хмара і змрок» , «Віцебск у цемры» і інш.

Калі ж аўтар засяроджваецца на пачуцьцях, унутраных развагах сваіх герояў,
асабліва калі ўключае «бягучы паток сьвядомасьці»; мова і стыль мяняюцца. Не
адразу можна зразумець пра што гэта? Чытаць становіцца цяжэй, тэкст закалыхвае,
наганяе нуду, кідае ў сон. Хочацца адкласьці кнігу і падрамаць.

Магчыма, асобныя чытачы менавіта на гэтым мейсцы і спыняцца, перстануць
чытаць далей.

Аўтар маючы багаты асабісты досьвед па майстэрску выкарыстоўвае лексіку
персанажаў, хто прайшоў праз турэмныя нары. Пры гэтым не злоўжываючы
ненарматыўнай лексікай. (Мне здаецца ужываньне ў друкаваных тэкстах такой
лексікі наагул недапушчальна – і беларуская і руская мовы настолькі лексічна
багатыя, што любыя эмоцыі можна выказаць мовай цэнзурнай. Але гэта маё (В.Б.)
перакананьне.

Увесь раман пры чытаньні падаецца занадта расьцягнутым, скароты тэкста былі б
толькі на карысьць твору. Таксама падаецца, што асобныя часткі пісаліся як бы
сьпехам, асабліва не засяроджваючыся на стылёвых тонкасьцях.

Раман чытаўся б значна лепей, каб тэксты былі скарочаны і каб добра папрацаваў
прафесійны «рэдактарскі аловак». Пасьля быў бы сэнс перакласьці Беларусалім на
замежныя мовы, думаю, найперш на рускую і польскую. Твор варты выхаду за межы
Беларусі на міжнародны ўзровень.
6.Паліна Сцепаненка - “Беларусалім” – кніга жывая і шчырая 
«Беларусалім» Паўла Севярынца – дзве кнігі «Золак» і «Сэрца Святла». Шмат было ўжо сказана пра тэкст. Мне ўяўляецца так: кнігі Паўла Севярынца жывыя.

«Беларусалім» – кніга шчырая. І ўсе яе недахопы здымаюцца шчырасцю аўтара. Гэта яго погляд на свет, яго бачанне барацьбы Дабра і Зла, яго бачанне сучаснага свету праз гісторыю, праз Хрысціянства. З кніг «Беларусаліма», асабліва яго другой часткі «Сэрца Святла» паўстае вельмі жывы рамантычны вобраз Беларусі – горад за горадам, мястэчка за мястэчкам, рака за ракой. Прырода. Падрабязнае апісанне гародоў і мястэчак. Гісторыя прадстаўлена зуісім не так, як у падручніку, гэта жывая гісторыя. Гісторыя жывая для аўтара і яна становіцца жывой для чытача. У кнізе высокі стыль можа перамяжацца з нізкім стылем, вытанчаная мова з жаргонам. Так, можа падацца смешным, што Марыя-Магдалена – гэта дзяўчынка Люба 16 год, якая спіць з ўсімі і хоча дабрацца да трох лідараў, спакусіць і галоўнага героя, але ёй перашкаджаюць і выганяюць з яе бесаў. Усё гэта апісана вельмі натуралістычна, як яна спакушае кожную ноч хлопчыкаў з пілігрымкі. Але пасля гэта ўсё заканчваецца і дзяўчынка выпраўляецца, яна чагосьці шукае і не ведае, што, а пасля знаходзіць Бога. У другой кнізе «Беларусаліма» – «Сэрца Святла» паказаны народны ўздым у Беларусі, калі, як ў 2020 годзе, калі як быццам бы ніадкуль, пасля выбараў на вуліцах з’явілася незлічоная плынь людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі. А кніга была напісана раней.

Літаратарнае прароцтва ў тым, што народ пайшоў. Народ, які ідзе ў кнізе па палях, гарадах і мястэчках, разнастайны. Там не толькі ўсе канфесіі, але і самыя розныя людзі (пра дзяўчынку я ўжо распавяла). У тэксце вельмі шмат цытат з Бібліі, сімволікі, у тым ліку сімволіка імёнаў. Часам ёсць адчуванне недахопу рэдактуры, калі адно і тое ж не зусім удалае параўнанне выкарыстоўваецца шмат разоў. Але кнігая чытабельная. Чытаецца і зацягвае. Канечне, у кнігах шмат пра Бога. Усе героі звяртаюцца да Бога і гавораць з ім. Усе чакаюць нечага ад Бога. Адзін з герояў кніг Паўла Севярынца Леў гіне на Валадарцы, прычым, калі ён трапляе на Валадарку, то адчувае, што ўсе сцены там прапітаныя пакутамі людзей, пачынаючы з паўстання 1863 года. У кнізе «Сэрца святла» ёсць сцэна расстрэлу – да самага моманту, калі героя ставяць да сценкі. Праход па калідоры да камеры смяротнікаў. Гэта той самы момант, які вяртае да «Валадарскай балады», напіснай Паўлам Севярынцам у 1998 годзе.

«- Вперёд! – нягучна скамандаваў канвойны, і Леў пайшоў. Урачыста. Моўчкі. Прэцэсія. Крокі даваліся цяжка – цела, адвыкшае ад перамяшчэнняў балела і дрыжэла, і спрабавала наапошак ухапіць галавакружных пахаў жыцця. З кармушак смяротнікаў шамацелі пад вентыляцыяй палоскі паперы, нібы лісце ад ветру ў лесе. Гэты шолах, серабрысты, вусцішны, раптам падаўся Ільву ракою часу, што хлынула ў падвал Валадаркі, і бруіць па падлогах, абмывае целы, затапляе ўсю зямлю яму вядомую. Паварот калідору. Вось дзе, аказваецца, падломваецца жыццё. – Стоять! (…) Заходим, не оборачиваться. Каменны куб, дзе аддзяляюць душу ад цела. Катоўня. Колькі вы не адмывайце, хлопцы, колькі не шаруйце палогу і сцены ад пырскаў чалавечай крыві ды мозгу – іх не адмыць. Вапіюць да Госпада, хорам, гулам, наперабой – кроплі душаў паўстанцаў, бамбістаў, падпольшчыкаў, забойцаў, паэтаў, вернікаў і гвалтаўнікоў».

Кнігі Паўла Севярынца – жывыя, чытабельныя, шчырыя – напісаныя сэрцам – не каменным сэрцам.

7.Сяргей Астравец - Як Павел Севярынец піша раман за кратамі
Пісьменнік і палітык Павел Севярынец чакаў выхаду раману «Беларусалім. Сэрца святла», але трапіў за краты. Кніга з’явілася неўзабаве пасля таго, як яго арыштавалі. Гэта другая частка трылогіі. Працягнуць жа працу над творам яму выпала ў зняволенні, тэрмін якога надзвычайна жорсткі. Пры канцы траўня Паўла пакаралі сямю гадамі калоніі, ён прызнаны палітвязнем.

Сама сітуацыя – пісьменнік за кратамі – прыцягвае ўвагу да асобы Паўла і ягоных твораў. Другая кніга «Беларусаліму» выйшла летась. Гэта важкі том на 590 старонак. Памер першага – 390. Ацаніць па-сапраўднаму, колькі аўтар уклаў працы, можа толькі той, хто змог напісаць твор падобнага памеру.

КНІГУ Ў ТУРМЕ АДДАЛІ НЕ АДРАЗУ

Ці змог пісьменнік атрымаць сваю свежанадрукаваную кнігу?

«Кнігу трымаў у руках, – распавядае Вольга, жонка Паўла Севярынца, і тлумачыць: – Мы яе яшчэ на Акрэсціна перадавалі, там яму не аддалі, а вось калі ехаў на Валадарку ў канцы мінулага лета, то мусілі аддаць, і ён такі патрымаў яе».

Які сімвалізм! Пісьменніку перадаюць за краты ягоную новую кнігу. Ён вельмі чакае. Аднак атрымаць у камеры не можа. Якое расчараванне! Мінае час, і пры пераводзе ў іншую турму Павел яе ўсё ж пабачыць.

У РАМАНЕ – СУПАДЗЕННІ СА ЖНІВЕНЬСКІМІ ПАДЗЕЯМІ

Напярэдадні арышту Павел Севярынец паспеў распавесці радыё «Рацыя» пра новую кнігу:
«Гэта раман-адкрыццё ці раман-прытча, штосьці з гэтых жанраў. Гэта спроба іншасказальна падаць гісторыю Беларусі, бачанне Беларусі – беларусацэнтрычны раман, нездарма «Беларусалім».

«Гэта рэальны працяг першай кнігі з тымі самымі героямі, але значна шырэйшая геаграфія – па мясцінах былога Вялікага Княства Літоўскага часоў росквіту. І гэта даволі дынамічнае развіццё сюжэту, з шматлікімі адкрыццямі», – патлумачыў аўтар.

«Для яго гэта важная кніга. Яна выйшла, калі ён ужо быў на Акрэсціна, – нагадвае Вольга Севярынец, – і зараз ён, як можа, стараецца займацца далейшым лёсам раману. Піша, што для яго самога гэта быў раман-адкрыццё і што яго агаломшылі дзясяткі супадзенняў у рамане з падзеямі, якія зараз адбываюцца».

ПАЧАЛОСЯ НА НЯМІЗЕ

Пісьменнікі сёння ў роздуме: як распавесці пры выключныя падзеі ў беларускай гісторыі – пра жнівень 2020 года? А нехта ўжо ўзяўся працаваць над сваім новым творам. Павел Севярынец у пэўным сэнсе апярэдзіў іншых, апублікаваўшы раман напярэдадні падзеяў.

Пачынаецца кніга з сучаснай бітвы на Нямізе. З аднаго боку – тысячы людзей, з другога – чорныя кардоны спецназу. І зламаны бел-чырвона-белы сцяг, які будзе ўратаваны. Сцяг Хрыста, як сказана ў кнізе.

На Нямізе патрабуюць свабоды. Для арыштаваных хрысціянаў. У гэтым несупадзенне з тым, што адбылося ў жыцці. Як і ў закліках да начальства: «Дарэмна вы гоніце Ісуса Хрыста», «Жыве Беларусь – з Богам!». Але супадзенне ў іншым: на ўсіх інфармацыйных парталах – гэта галоўная навіна, а дзяржрупары выстаўляюць пратэстоўцаў хуліганамі і маргіналамі.

АБУДЖАЛЬНЫ РАМАН?

«Гораду» ці «свету»? Беларускія раманы можна ўмоўна падзяліць на дзве плыні. І хаця «Беларусалім» заканчваецца сцэнамі ў Страсбургу, сваім зместам твор хутчэй накіраваны «гораду». Аўтара перапаўняць пачуцці і перажыванні сучасніка, які жыве тут і цяпер, аднак трымае ў памяці ўсю тысячагадовую гісторыю сваёй краіны. Аўтар нібы заклікае: ганарыцеся, якой багатай была нашая гісторыя, колькі здольных, вядомых людзей нарадзіла нашая зямля!

З вуснаў герояў мы чуем мноства звестак з беларускай гісторыі: агульнай і царкоўнай. Раз-пораз тканіна твору загушчаецца так, што робіцца складана чытаць. «Перасычаны раствор» дый годзе. Перад вачыма нібы часткі энцыклапедыі, якім нададзены кшталт прозы. Магчыма, гэта можа нагадаць старонкі «Хазарскага слоўніка» Міларада Павіча. Успамінаецца, між іншага, і Хазарскі каганат, як у Павіча. Пералічаныя, напэўна, усе больш-менш вядомыя габрэі, што паходзяць з Беларусі. А чытачу, між тым, патрэбна паветра ў творы. Хаця пісьменніку нярэдка бывае цяжка прытрымлівацца «залатой сярэдзіны».

Як бы можна было акрэсліць гэты раман? Абуджальны, змагарны, паломніцкі, хрысціянскі? Што ж, творы адраджэнцаў – Янкі Купалы і не толькі – былі скіраваныя ўнутр народу – з мэтай абудзіць да годнага жыцця. Аднак тым, хто «не ў тэме» могуць цяжка давацца частыя цытаты з Евангелля, казані. Складаецца ўражанне, што «Беларусалім» – яўна лягчэйшы «арэшак» для тых, хто, як і дзейныя асобы, можа залічыць сябе да актыўных вернікаў. А на старонках зазнае ўздым і паразы Беларух – экуменічны рух вернікаў розных рэлігіяў.

БЕЛАРУСЬ БАЛІЦЬ

Гэты свет – суцэльная рана, у пэўны момант пачынае здавацца чытачу. І аўтар дзеліцца з ім сваім болем, і назва гэтага болю – Беларусь.

Ёсць і больш лёгкія, светлыя словы, вобразы. Вільня – залатая, каханая, родная. Ёсць цікавыя сцверджанні: «Хрыстос нарадзіўся ў Вільні» – або заклік: «Беларусы! Бог наведаў Наваградак!», дзе, аказваецца, Бог «працуе».

Аднак больш адчуваецца фрустрацыя. Агульнабеларуская. Гэта нібы «зрэз» сучаснага стану беларускай душы. Бяссілле, безвыходнасць, крушэнне светлых надзеяў. Многія сёння гэта адчуваюць. І не ведаюць, што з гэтым рабіць. Ну што можна зрабіць з прыгнечанасцю і дэпрэсіяй?!

«Жыве Беларусь? А ў чым ёсць жыццё?» – пытаецца сам у сябе адзін з дзеячаў расцярушанага Беларуху, што апынуўся спачатку ў Вільні, а затым у Варшаве. Нібы пытанне без адказу… Што рабіць: ён бярэ кларнет, каб граць у варшаўскім падземным пераходзе ды зарабіць колькі злотых.

Мне даводзілася чуць ад знаёмых пісьменнікаў: у «Беларусаліме» шмат негатыўнага, адмоўнага, брыдкага, такое цяжка чытаць. І – як мог шчыры вернік такое напісаць? (Павел Севярынец – адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.) Мне хацелася знайсці для сябе нейкі адказ, абгрунтаванне гэтай вонкавай супярэчнасці. Не адразу, але ўспомніліся карціны Гіеронімуса Босха: змрочныя, страшныя і спрэс паводле рэлігійных сюжэтаў. Некаторым дагэтуль здаецца, што змест палотнаў мае сведчыць, што вядомы мастак мог быць ерэтыком.

Аднак даследнікі абвяргаюць: Босх быў каталіком, яго пахавалі ў Катэдры з пашанай. А вядомая праца мастака «Сем смяротных грахоў» вісела на сцяне ў караля Іспаніі Філіпа ІІ, які ахвотна выкарыстоўваў інквізіцыю для барацьбы з ерэтыкамі…

А можа, адно з тлумачэнняў – у тым, што Павел Севярынец пісаў (цягам 15 гадоў) свой «Беларусалім», двойчы адбываючы «хімію», а таксама ў Амерыканцы? Як вынікае, гэта твор, напісаны ў немалой ступені ў турэмных умовах. І не дзіўна, што ў апошнім рамане згадваецца Валадарка (дзе, на прызнанне Паўла, ён звярнуўся да Бога). Пры нагодзе пералічваюцца і тыя з вядомых людзей, хто там сядзеў. А адзін з герояў прызнаецца: «Для чалавека няма нічога больш шчымлівага, чым пах волі з-за кратаў».

ЯК ПІСАЦЬ ПАСЛЯ ЖНІЎНЯ 2020-ГА?

Пісаць у зняволенні трэцюю частку «Беларусаліму» можа быць для Паўла Севярынца таксама пэўнай сувяззю са свабодай.

Але як цяпер пісаць, пасля трагедыі, якая зацягнулася на беларускай сцэне? Гэтае пытанне вельмі надзённае для беларускіх творцаў. Ёсць два шляхі. Фікшн і нон-фікшн. Спробы пісьменніка спаборнічаць з рэчаіснасцю, з бягучымі падзеямі ў рэальным часе – складаная, часам хісткая справа. Усё ж раман – гэта твор, карціна, не фатаграфія. Аднак пытанне наконт чытача: ці зможа, ці захоча чытаць фікшн пасля такой рэзкай, насычанай «фатаграфіі»? З другога боку, нам невядома: магчыма, перажытыя жахі маглі адбіць ахвоту на будучыя творы, аўтары якіх будуць імкнуцца адлюстраваць тое, што здарылася, максімальна набліжана да рэаліяў.

Што датычыць Паўла Севярынца, напэўна, для яго не было пытання, як працягваць свой «Беларусалім». Падзеяў жніўня ён не бачыў на свае вочы, перажываў іх за кратамі. Што было самым цяжкім за гэты турэмны год? Пры сустрэчы ён прызнаўся жонцы Вользе: 70 дзён у бетонным карцары і тое, што было на Акрэсціна 9–10 жніўня. Ён чуў усё, што адбывалася звонку і ў суседніх камерах: крыкі, стогны, пабоі. Ён сказаў: сцены дрыжэлі, а сэрца проста разрывалася. І ён маліўся за людзей, якіх білі, горача, доўга… А калі пачаў маліцца за тых, хто б’е, – усё сціхла, распавядаў ён жонцы.

НА СУДЗЕ ЁН МАЎЧАЎ

На закрытым судзе ў Магілёве, што адбыўся ў траўні, Павел маўчаў. Хрыстос на няправедным судзе маўчаў. А ён, Севярынец, усё, што хацеў, сказаў у сваіх кнігах. На няправедным судзе не мае значэння, што гаворыць падсудны.

Напярэдадні працэсу ён даслаў ліст Вользе, у якім былі шчымлівыя словы: «Скрозь жалеза кратаў мы бачым сонца. Мы чуем, як за вакном ціўкаюць птушкі. Мы ўдыхаем свежасць, ад якой кружыцца галава: там воля».

ЯГОНАЕ КРЭДА

Нельга забываць, што пісьменнік – за кратамі. І трэцяя частка трылогіі можа нарадзіцца ў поўнай няволі. Трымацца Паўлу Севярынцу дазваляе ўнутраная вера. У лісце да жонкі ён пісаў: «Тут патрэбнае разуменне. Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, – справа Божая. Ад пачатку і да канца. Бог абудзіў Беларусь не для таго, каб яна зноў заснула. Бог не робіць бяссэнсіцы».
Але чаму Бог выпрабоўвае беларусаў болем і роспаччу? Пісьменнік мяркуе так: «Прычыны адчаю і слушныя адказы – амаль заўсёды ў нас саміх. Відаць, нягледзячы на леташні прарыў, мы як народ яшчэ не да канца зрабілі працу ўнутры сябе. Беларуская асвета і евангелізацыя – гэта наша поле на бліжэйшыя гады. Пад сцягам Хрыста. З гімнам «Магутны Божа». З Пагоняй на гербе».

Ён дадае: «Калі мы зменім сябе – Беларусь непазбежна зменіцца. Простая формула веры і мовы – Ісус Хрыстос, які гаворыць па-беларуску. На сёння гэта – наша жывая нацыянальная ідэя».

«БЕЛАРУСАЛІМ» ДАЕ СІЛЫ»

Вядомы паэт і празаік Уладзімір Някляеў прызнаецца, што падчас закрытага суда ўзяўся чытаць «Беларусалім». Вырашыў хаця б так падтрымаць падсуднага калегу: «Можа, ён гэта адчуе, бо ёсць, і я пра тое ведаю, паміж аўтарам, творам і чытачом таемная сувязь…» А заканчваў з перакананнем, што «Беларусалім» дае сілы: «Нездарма аўтар выказаўся пра яго як пра кнігу жыцця».

Назва кнігі – аўтарскае слова-новатвор. Павел Севярынец, што зразумела, спалучыў у ім назвы Беларусь і Ерусалім. Уладзімір Някляеў, разважыўшы, лічыць яе «геніяльнай»: «Лепшай, бадай, не знайсці ва ўсёй беларускай літаратуры ад яе пачатку і да сёння. Яна – глыбокая метафара. Такую назву нельга прыдумаць, яе можна ўбачыць хіба толькі напісанай на небе ў момант азарэння. Тут сплеценая ў адным слове ў адзін вузел уся сусветная гісторыя, неадʼемнай часткай якой ёсць Беларусь».

Паэт робіць пры гэтым нечаканае параўнанне з хрэстаматыйным творам літаратуры савецкага часу: «Беларусалім» – гэта не «Людзі на балоце». І глыбінная розніца не адно ў назве. Пра раман Мележа ў энцыклапедыі сказана, што ў ім «апісана жыццё беларускага насельніцтва». У рамане Севярынца апісана жыццё беларусаў…»

Адрозненне сапраўды значнае. На гэтым можна паставіць кропку. І пажадаць Паўлу Севярынцу ў будучыні, ужо на свабодзе, узяць у рукі друкаваны асобнік новай часткі свайго раману, над якой яму выпала цяпер працаваць у няволі.
8.Алена Вештарт - Севярынец гэта нашае сучаснае спалучэнне Караткевіча і Дастаеўскага
Севярынец гэта нашае сучаснае спалучэнне Караткевіча і Дастаеўскага, можна сказаць, сімбіёз уплыву двух пісьменнікаў.

Героі «Беларусаліма» надзеленыя незвычайнымі магічнымі якасцямі - нюхам, слыхам і тактыльным пачуццём, што дазваляе ім высвечваць рэчаіснасць як рэнтген. Адчуваць людзей па дотыку, прадказваць падзеі па паху, чуць тое, што адбываецца на вуліцах Менска праз сцены вязніцы

Гэта, аднак, не вырашае ўсіх праблем у змаганні са Злом, якое ўвасобленае не столькі ва ўладзе Краіны, колькі ў таямнічай карпарацыі Цімура, якое займаецца вынаходніцтвам шчасця для чалавецтва. Шчасце гэтае ўтрымліваецца ў чорным квадраце, як сімвале новага жыцця - без думак, непатрэбных пачуццяў, без атаясамлення сучаснасці, без прынцыпаў і без рэлігіі. Невялічкі чорны пульт, пры націсканні на кнопкі якога чалавек, па разуменні карпарацыі, уваходзіць у стан задаволенай амёбы – спажывае і выдаляе адыходы ў лужыну, якая выяўляецца яму кропляй ранішняй расы.

Героі, нягледзячы на свае дзівосныя здольнасці, паводзяць сябе як звычайныя людзі. Больш таго, яны ўвесь час рэфлексуюць праз сваю недасканаласць. Паколькі неад'емнай якасцю іх з'яўляецца шчырая і моцная вера, у рамане шмат сцэн, напоўненых рэлігійным экстазам. Чалавеку не «ўцаркоўленаму» гэта чытаць даволі цяжка.

Ёсць і дэманічныя героі твора. Калі паміж Вольгай і Настассяй Філіпаўнай праглядаецца несумненная паралель, то каго нагадвае Цімур? Бо галоўны герой гэта князь Мышкін (Андрэй Белазор). Са сваім самабічаваннем, умоўнымі і рэальнымі вярыгамі (любімая прылада Дастаеўскага), герой знаходзіцца ў жарсным пошуку ісціны. Яго паводзіны прапаведніка не супраціву злу (акрамя чорнага квадрата), усёдаравання і агульнага паразумення, заклікі да пакаяння прыводзяць да таго, што звычайны люд бачыць у ім Беларускага Хрыста. Як і належыць, «апосталы» яго ўвесь час крытыкуюць.

Віражам сюжэту пазайздросціў бы і Караткевіч. Наваяўлены Хрыстос наведвае Гародню каб сустрэцца з Папам Рымскім. Уладыка Смаленскі Арцемій плача ад замілавання, гледзячы на пазашлюбнага сына, распусніца Люба, якая мае анёльскі голас, спакушае Яна Яснага ў манастырскай келлі.

Ёсць і аўтарскае прадбачанне: лунаюць сцягі на вуліцах Менска, вязні чуюць вулічныя заклікі шматтысячнага натоўпу. Праўда, у колькасці людзей на вуліцы аўтар памыліўся.

Севярынец цалкам самастойны аўтар, бо ў адрозненне ад Дастаеўскага з яго душэўным эксгібіцыянізмам герояў і ад пурытанскіх паводзінаў герояў Караткевіча, мае схільнасць да натуралістычных сцэн, дзе людзі дэманструюць звярыныя інстынкты у сэксуальных зносінах, побыце і фізічным гвалце. То бок думкі аўтара сягаюць ад вышынь чалавечага духа да бруду гарадскіх трушчоб.

Пісьмо Севярынца гэта сцяжок швейнай машынкі, дзе пад фабулай цягнецца ніжняя нітка з аверлоку гістарычнай спадчыны. І тут, у апантанасці Бацькаўшчынай, асабліва ВКЛ, Севярынец, здаецца, перасягнуў усіх вядомых мне пісьменнікаў.

Але рэаліі сённяшняга часу таксама выдатна атрымліваюцца ў аўтара. Вобраз Пашы-геолага, нішчымнага бадзягі (ці не праглядаецца тут іронія аўтара да самаго сябе), які «даследуе» падземны калектар Менска як сам аўтар душы жыхароў горада.

«Угары шумеў горад. Серп ззяў проста над галавой, нібы зараз прымерваюцца і адным махам зарэжуць яму башку. Прыкалісь, Паха, чалавецтва проста чаліцца ў агромнай каналізацыі, над ім, сука, адкрыты люк, а яны думаюць месяц. Во, напэўна, там, уверсе, угараюць».

Шчырасць аўтара мае свае вынікі. Мне здаецца, маналог ненароджанага дзіцяці гэта геніяльна. Не ведаю, якая жанчына здольна зрабіць спарон пасля такога чытва. «На пятым месяцы ягонай эры ён ужо гарэзаваў і штурхаўся, і каўтаў на ўсю моц свайго бранхіяльнага дрэва, і нырцаваў, як рыба, і поўзаў, як паўзун, і часам нават, з моцным штуршком, лунаў у сваёй безважкасьці - раскінуўшы рукі як птушка (гэта было вельмі добра), –ён напаўняў сабою ўвесь гэты свет».

У астатнім сюжэт класічны. Прыніжаны і зняважаны герой, які ўзыходзіць на Галгофу ў імя свайго народу. Не сказаць, каб чытанне рамана было лёгкім, бо існуюць, на маю думку, паўторы і шматслоўе, але прачытаць яго варта ўсім. Той самы выпадак, калі з палёгкай можна заявіць: Мы разам!

Павал Севярынец такая неад'емная частка Беларусі, што не здзіўлюся, калі хутка з'явіцца герой сучаснага медыя, які будзе ўвасабляць яго персону. Зрабілі ж японцы са свайго Акутагавы Руноскэ, які таксама любіў акунуцца ў свет старажытнасьці, героя анімэ і кампутарных гульняў. Ці мы горшыя патрыёты-хітраванцы?
Водгукі чытачоў
«Я прачытала Беларусалім проста на адным дыханні. Увечары з кнігай, суботу і нядзелю ад ранку і да вечара з кнігай. Яна сапраўды змяніла ўнутры штосьці, ды моцна і хутка так змяніла, што аж не па сабе. І самае дзіўнае, што я нават не заўважыла ў які момант. У якой частцы, у якім раздзеле, на якіх словах. Ты проста закрываеш кнігу – і раптам разумееш, што думаеш і адчуваеш інакш, быццам табе сапраўды адкрылі ісціну. Я мару, каб гэтай кнігай зацікавілася як мага болей людзей, ёй сапраўды месца ў спісе класікі нацыянальнай літаратуры».
Анастасія Ляшко
«Бел-чырвона-белыя моры, апісаныя ў «Беларусаліме», усцяж запаўняюць нашыя вуліцы – так дзіўна чытаць мастацкую кнігу, якая перацякае ў рэальнасць!
Чытаю «Беларусалім» з тэлефонам у руцэ, заадно паглыбляю веды па гісторыі. А яшчэ – вельмі натхняюць апісанні гарадоў і прыроды. Заўважаю цяпер больш цудоўнасці Божай навокал».
Алена Палачанская
«Інтрыгуе завязка, згорнутая ў шчыльную спіраль, рытм апавядання пульсуе і мяняецца ад абзаца да абзаца. «Беларусалім» трымае ў напружанні дэтэктыўным сюжэтам, і да таго ж эмацыйны, як «аголены нерв».
Аляксандр Катляроў
«Нельга было адарвацца ад кнігі. Асабіста мне вельмі даспадобы выпісаны вобраз Волі. Удалымі і нават трапяткімі падаюцца апісанні прыроды».
Тэрэза Глушакова
«Тэма святла ў «Беларусаліме» заварожвае. Калі па рамане будзе здымацца фільм, атрымаюцца вельмі яскравыя сцэны. Шмат яскравых сцэнаў! Вельмі важная тэма «Беларусаліма» – зруйнаваная веліч і хараство нашай зямлі. Мова «Беларусаліма» напеўная і багатая, змест складаны, хочацца перачытваць. Нейкія радкі падкрэсліць. Пару старонак прачытаць, і на цэлы вечар задумацца. Назаўтра зрабіць нейкі ўчынак, нечаканы для самой сябе. Белазор, што блукае па Менску сорак дзён, зачапіў мяне надта моцна. Я задумалася пра пост, які ніколі не спрабавала вытрымаць».
Аліна Лісоўская
«Чытаю «Беларусалім», вельмі ўражаная. Злавіла сябе на думцы, што хачу пабачыць экранізацыю кнігі. Дай Божа, каб хто таленавіты і сумленны зрабіў бы годны фільм ці нават серыял. І так я натхнілася, што ў выходны села і паехала ў Полацк. Хавалася ў храмах ад сцюдзёнага паветра, назіравала за хуткаплыннай Дзвіной пад Сафіяй і качкамі на тонкім лёдз, паглядзела за чорнымі водамі Палаты між кручастных заснежаных берагоў з Чырвонага маста, адчула ўнутры Спаса-Ефрасіннеўскай царквы як спыняецца час…».
Анастасія
Многае ў «Беларуаліме» мне адгукаецца. Развагі пра Беларусь вельмі трапныя. Яшчэ спадабалася пра волю – што яе нельга адняць. Унутры мы вольныя, усё астатняе – дэкарацыі».
Алена
«Усе героі «Беларусаліма» – вельмі розныя, але ў кожным ёсць барацьба святла і цемры – так, як і ў рэальным жыцці. Мой улюбёны персанаж – Леў! Гэта як быццам ідзе знутры, з сэрца. Яшчэ цудоўна выяўленыя розныя месцы Менску, Заслаўя, Полацка, нібы ў кожнага таксама свой характар. І безумоўна цікавыя гістарычныя ўстаўкі».
Алена Сцяпанава
Калі вас зацікавіла кніга Паўла Севярынца «Беларусалім. Сэрца святла» і вы хацелі б яе атрымаць, пераходзьце па спасылцы і замаўляйце.

Аўтар шчыра ўдзячны сваім чытачам за цікавасць, падтрымку і водгукі. Калі ў вас засталіся пытанні, ці вы хацелі б пакінуць водгук ці каментар, напішыце нам.
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website